«Зараз я проста жыву адным днём». Гісторыя жыхаркі шэлтара фонду «Краіна для Жыцця»

Алеся (імя зменена) расказала, як пасля 2020 года прайшла некалькі хваль эміграцыі і апынулася ў шэлтары дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця» ў Вільні.
Апублікавана на
2026-06-19

Мы працягваем знаёміць вас з жыхарамі шэлтэра дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця». На гэты раз сваю гісторыю расказала Алеся (імя змянілі з мэт бяспекі) — беларуска, якая пасля ўдзелу ў падзеях 2020 года была вымушаная пакінуць радзіму і прайсці праз некалькі хваль эміграцыі.

Раскажыце сваю гісторыю.

У 2020 годзе я валанцёрыла ў ініцыятыве. Яна дапамагала людзям, што страцілі працу з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, атрымаць новую прафесію ў ІТ.

Пасля ўдзелу ў пратэстах я была вымушаная з'ехаць у Кіеў, каб мець магчымасць працягваць працу і дапамагаць людзям.

З 2021 года я працавала ва Украіне, а потым ў беларускай арганізацыі ў Грузіі. У 2023 годзе гэтую арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Сёлета ў мяне скончыўся пашпарт. Атрымаць міжнародную абарону ў Грузіі практычна немагчыма, таму я была вымушаная пераехаць у Вільню, каб пачаць новы этап жыцця і заняцца легалізацыяй.

Як вы трапілі ў шэлтар фонду?

Мне дапамаглі былыя калегі з арганізацыі, дзе я працавала раней.

У Вільню я прыехала ў вельмі ўразлівым стане. Мне было складана клапаціцца пра сябе і вырашаць нават базавыя бытавыя пытанні. Таму магчымасць пасяліцца ў шэлтары стала для мяне вялікай падтрымкай.

Як праходзіць ваша жыццё ў шэлтары?

Так атрымалася, што я прыехала сюды амаль без асабістых рэчаў.

Супрацоўнікі фонду загадзя спыталі, што мне можа спатрэбіцца. Калі я прыехала, каля майго ложка ўжо стаялі пакеты з неабходнымі рэчамі. Асабліва запомніліся сонечныя акуляры, якія ляжалі зверху. Гэта быў вельмі кранальны момант.

А яшчэ ў канцы майго першага дня ў шэлтары сусед падарыў мне вельмі прыгожы букет кветак. Гэта было зусім нечакана і вельмі падтрымала мяне ў той момант.

Што сёння дапамагае вам аднаўляцца?

Для мяне вельмі важна, што ў гэты складаны перыяд я магу жыць у ціхім, бяспечным месцы і хаця б некаторы час не думаць пра выжыванне.

Гэта дапамагае зберагчы фізічныя і псіхічныя сілы.

Мне дапамагаюць простыя рэчы: гуляць у лесе, гатаваць ежу, маляваць.

Што б вы хацелі сказаць людзям, якія падтрымліваюць фонд і шэлтар?

Ад усяго сэрца дзякую вам за тое, што вы стварылі гэтую ўтульную прастору і робіце яе даступнай для людзей у вельмі няпросты перыяд іх жыцця.

Ваша падтрымка значна большая, чым падаецца.

Пра што вы сёння марыце?

Шчыра кажучы, зараз я проста жыву адным днём.

Пакуль што гэтага дастаткова.

Калі вам блізкая гісторыя Алесі і вы хочаце дапамагчы тым, хто толькі пачынае свабодны шлях пасля турмы, — падтрымайце наш шэлтар ПА СПАСЫЛЦЫ.

Ваша помощь — шаг к свободе и справедливости

Каждое пожертвование помогает поддержать политзаключенных и их семьи, давая им надежду и ресурсы для преодоления трудностей.