
Мы працягваем знаёміць вас з жыхарамі шэлтэра дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця». На гэты раз сваю гісторыю расказала Алеся (імя змянілі з мэт бяспекі) — беларуска, якая пасля ўдзелу ў падзеях 2020 года была вымушаная пакінуць радзіму і прайсці праз некалькі хваль эміграцыі.
У 2020 годзе я валанцёрыла ў ініцыятыве. Яна дапамагала людзям, што страцілі працу з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, атрымаць новую прафесію ў ІТ.
Пасля ўдзелу ў пратэстах я была вымушаная з'ехаць у Кіеў, каб мець магчымасць працягваць працу і дапамагаць людзям.
З 2021 года я працавала ва Украіне, а потым ў беларускай арганізацыі ў Грузіі. У 2023 годзе гэтую арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Сёлета ў мяне скончыўся пашпарт. Атрымаць міжнародную абарону ў Грузіі практычна немагчыма, таму я была вымушаная пераехаць у Вільню, каб пачаць новы этап жыцця і заняцца легалізацыяй.
Мне дапамаглі былыя калегі з арганізацыі, дзе я працавала раней.
У Вільню я прыехала ў вельмі ўразлівым стане. Мне было складана клапаціцца пра сябе і вырашаць нават базавыя бытавыя пытанні. Таму магчымасць пасяліцца ў шэлтары стала для мяне вялікай падтрымкай.
Так атрымалася, што я прыехала сюды амаль без асабістых рэчаў.
Супрацоўнікі фонду загадзя спыталі, што мне можа спатрэбіцца. Калі я прыехала, каля майго ложка ўжо стаялі пакеты з неабходнымі рэчамі. Асабліва запомніліся сонечныя акуляры, якія ляжалі зверху. Гэта быў вельмі кранальны момант.
А яшчэ ў канцы майго першага дня ў шэлтары сусед падарыў мне вельмі прыгожы букет кветак. Гэта было зусім нечакана і вельмі падтрымала мяне ў той момант.
Для мяне вельмі важна, што ў гэты складаны перыяд я магу жыць у ціхім, бяспечным месцы і хаця б некаторы час не думаць пра выжыванне.
Гэта дапамагае зберагчы фізічныя і псіхічныя сілы.
Мне дапамагаюць простыя рэчы: гуляць у лесе, гатаваць ежу, маляваць.
Ад усяго сэрца дзякую вам за тое, што вы стварылі гэтую ўтульную прастору і робіце яе даступнай для людзей у вельмі няпросты перыяд іх жыцця.
Ваша падтрымка значна большая, чым падаецца.
Шчыра кажучы, зараз я проста жыву адным днём.
Пакуль што гэтага дастаткова.
Калі вам блізкая гісторыя Алесі і вы хочаце дапамагчы тым, хто толькі пачынае свабодны шлях пасля турмы, — падтрымайце наш шэлтар ПА СПАСЫЛЦЫ.