Гадавіна забойства Рамана Бандарэнкі

Чатыры гады таму ў Менску выкралі, а потым забілі Рамана Бандарэнку. Асобы датычныя да ягонага выкрадання і забойства не пакараныя дагэтуль.
Апублікавана на
2024-11-12

Чатыры гады таму ў Менску выкралі, а потым забілі Рамана Бандарэнку. Асобы датычныя да ягонага выкрадання і забойства не пакараныя дагэтуль. 

‍

Страшныя падзеі разгарнуліся чатыры гады таму на “Плошчы Перамен” – сталічным двары, жыхары якога праславіліся праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. З надыходам цемры 11 лістапада 2020-га туды прыехалі мужчыны і жанчыны ў масках. Яны пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі з плота. 

‍

Мясцовыя жыхары выказалі пратэст гэтым дзеянням. Адным з тых, хто спрачаўся з прыхаднямі, быў Раман Бандарэнка. Перад гэтым ён пакінуў допіс у дваровым чаце ў Telegram: “Я выходжу”. Гэта былі апошнія словы, напісаныя Раманам Бандарэнкам. 

 

Яго збілі проста ў двары, потым пагрузілі ў мікрааўтобус. Пазней Рамана перадалі байцам АМАП, а тыя адвезлі яго ў РУУС Цэнтральнага раёну, а адтуль у лякарню. Мужчына быў у вельмі цяжкім стане. Увечары 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр.

‍

Імёны некаторых датычных да выкрадання і забойства Рамана Бандарэнкі сталі вядомыя ўжо праз некалькі дзён. Пазней у 2021 годзе гунтоўнае расследаванне на гэты конт выпусціла аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BYPOL. 

‍

Як выявілася, адным з тых хто збіваў Рамана Бандарэнку быў чэмпіён свету па муай тай і кікбоксінгу Дзмітрый Шакута. Сярод іншых – байцы СОБР Сяргей Сарман, Яўген Ціманоўскі, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка. Згодна BYPOL, менавіта гэтыя людзі перанеслі Рамана Бандарэнку ў мікраавтобус, па дарозе працягваючы збіццё. 

‍

Прыведзеныя ў расследванні доказы віны былыя беларускія сілавікі назвалі “жалезабетоннымі”, аднак генеральная пракуратура палічыла інакш. 

У верасні 2021 года яна прыпыніла справу па факце гібелі, у сувязі "з немагчымасцю ўстанавіць асобу, якая мае дачыненне да злачынства".

‍

Сёння асобы датычныя да забойства Рамана Бандарэнкі не пакараныя. Гэта не толькі тыя, хто непасрэдна збіваў загінулага, але таксама чальцы групы, якія прыехалі ў той вечар на “Плошчу Перамен” каб зразаць там бел-чырвона-белыя лентачкі. Менавіта фізічную падтрымку гэтых людзей ажыццяўлялі байцы СОБР і АМАП. Асобы тых, хто ўваходзіў у склад той групы вядомыя. Сярод іх прэсавая сакратарка дыктатара Наталля Эйсмант, жонка яе мужа Ганна Эйсмант, тагачасны кіраўнік федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў ды іншыя. Згодна беларускаму крымінальнаму кодэксу гэтыя людзі – саўдзельнікі забойства. 

‍

Сёлета ў Вільні і Варшаве прайшлі акцыі прысвечаныя памяці Рамана Бандарэнкі. У сталіцы Літвы разам з іншымі неабыякавымі беларусамі ўшанаваць памяць героя прыйшла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. 

‍

“Я выходжу”, – такімі былі апошнія словы Рамана Бандарэнкі. Ён выйшаў, каб абараніць нашыя сімвалы. Каб спыніць гвалт дыктатуры. Каб мы з вамі маглі жыць у свабоднай краіне.

‍

Раману быў толькі 31 год. Ён ахвяраваў сваё маладое жыццё для нас з вамі. Ён стаў беларускім героем – як і многія іншыя беларусы. Іх ахвяры былі не дарэмныя.

‍

Пакуль гвалт дыктатуры не спынены, мы з вамі будзем працягваць выходзіць!”

‍

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.