«Хачу часцей бачыцца з дзецьмі»: гісторыя жыхара нашага шэлтара

Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў і быў вымушаны нелегальна пакінуць Беларусь. Расказваем гісторыю жыхара шэлтара фонду ў Літве — пра зняволенне, цяперашняе жыццё і мару часцей бачыцца са сваімі дзецьмі.
Апублікавана на
2026-10-23

Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў, а пасля вызвалення быў вымушаны нелегальна пакінуць Беларусь, бо пераслед не спыніўся. Сёння ён жыве ў нашым шэлтары ў Літве, падтрымлівае сувязь з сям’ёй і марыць пра магчымасць часцей бачыцца са сваімі дзецьмі. Пагаварылі пра зняволенне, цяперашняе жыццё і планы на будучыню.

Імя суразмоўцы не пазначаем з мэт бяспекі.

Раскажыце крыху пра сябе: як вы жылі ў Беларусі, праз што прайшлі і як апынуліся ў Літве?

У кастрычніку 2020 года мяне затрымалі за тое, што я быў адміністратарам Telegram-канала «Армия с народом». Агулам я правёў за кратамі амаль год, а ў маі 2021 года мяне асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Праз паўтара года, у студзені 2023-га, мяне зноў асудзілі — паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Да тэрміну дадалі яшчэ дзевяць месяцаў.

Я цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю ў ліпені 2026 года. Але на гэтым пераслед не скончыўся. Мне прызначылі прэвентыўны нагляд і адразу папярэдзілі, што (умоўна) пагуляць на волі дадуць максімум паўгода.

Таму я вырашыў з’ехаць з Беларусі. Мяжу давялося пераходзіць нелегальна.

Як выглядае ваша жыццё ў шэлтары?

Жыццё тут, можна сказаць, звычайнае. Я б параўнаў яго з добрым інтэрнатам, дзе ёсць свае парадкі і ўсе стараюцца жыць дружна.

Зараз у нас даволі добрая кампанія. Разам гатуем ежу, падтрымліваем парадак, а часам па вечарах збіраемся і проста размаўляем на розныя тэмы.

Што найбольш дапамагае вам аднаўляцца цяпер?

У першую чаргу, вядома, сям’я — падтрымка і пастаянная сувязь з блізкімі вельмі дапамагаюць.

Праграмы дапамогі таксама маюць вялікае значэнне: часовае жыллё, у тым ліку такія шэлтары, медыцынская падтрымка, магчымасць звярнуцца да псіхолага.

Што вы хацелі б сказаць людзям, якія дапамагаюць фонду і падтрымліваюць шэлтар?

У першую чаргу хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што вы робіце. Гэта вельмі важна для людзей, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, як я.

І, вядома, хачу папрасіць вас працягваць падтрымліваць фонд і шэлтар. На жаль, яшчэ шмат людзей будуць вымушаныя ўцякаць з Беларусі, і многім з іх такая дапамога будзе вельмі патрэбная.

Пра што вы марыце сёння?

Насамрэч усё вельмі проста. Хачу як мага хутчэй атрымаць дакументы, каб мець магчымасць ездзіць да сваіх дзяцей у Польшчу.

Хачу часцей іх бачыць і бавіць разам з імі больш часу.

🤍 Шэлтар Дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця» дапамагае былым палітвязням і рэпрэсаваным беларусам зрабіць першыя крокі пасля вызвалення і вымушанай эміграцыі.

Праз вашу падтрымку людзі атрымліваюць бяспечнае жыллё і магчымасць пачаць жыццё нанова.

Падтрымайце наш шэлтар 👉 https://www.stranafund.org/kampanii/shelter-campaign

‍

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.