«Прыдумалі традыцыю сустракаць новых людзей беларускімі стравамі». Гісторыя першага жыхара нашага шэлтара

Інтэрв'ю з Сяргеем, які стаў першым жыхаром шэлтара ў Вільні. Ён расказвае, як разам з валанцёрамі ствараў традыцыі часовага дома і сустракаў новых уцекачоў беларускімі стравамі.
Апублікавана на
2026-02-05

Гэта — інтэрв'ю-маналог Сяргея (імя змянілі з мэт бяспекі), чалавека, які стаў першым жыхаром шэлтара ў Вільні. Ён назіраў, як валанцёры ўладкоўвалі шэлтар і сам наладжваў побыт і ўдзельнічаў у стварэнні традыцый часовага дома.

Я — адзін з актывістаў супольнасці ў невялікім гарадку. Браў удзел у маршах, пікетах, у зборы подпісаў і шмат у чым іншым. За гэта мяне неаднаразова затрымлівалі сілавікі, але мне ўдалося заставацца ў краіне да вясны 2024 года. Тады мяне затрымалі ў чарговы раз. Падчас допыту мяне моцна збілі. Пасля аднаўлення я быў вымушаны ўцякаць з краіны, бо існавала высокая рызыка паўторнага затрымання і ўзбуджэння крымінальнай справы (яе неўзабаве сапраўды завялі). Уцякаць давялося хутка і без падрыхтоўкі.

У Літву я трапіў без грошай і не разумеў, як уладкоўвацца ў іншай краіне. Я ведаў некалькі чалавек з фонда "Краіна для Жыцця" і звярнуўся да іх. Якраз у той час адкрываўся шэлтар, і мне далі магчымасць там пажыць. Так атрымалася, що я стаў першым жыхаром гэтага шэлтара. Бачыў, як валанцёры яго ўладкоўвалі: прывозілі ўсё неабходнае (часам нават са сваіх дамоў), арганізоўвалі прадуктовыя наборы і рабілі шмат важнага.

Літаральна адразу засяліўся другі жыхар — з лагера для ўцекачоў. Мы сталі наладжваць побыт: гатавалі, прыбіралі, спрабавалі стварыць нейкую ўутульную атмасферу. Прыдумалі традыцыю сустракаць новых людзей беларускімі стравамі. Праз пару тыдняў у шэлтар прыехала дзяўчына — яна выглядала разгубленай і напалоханай. Як потым яна расказала, не чакала, што яе сустрэнуць, як дома, і гэта дапамагло ёй лягчэй прайсці адаптацыю.

Валанцёры фонду дапамагалі нам з легалізацыяй і многімі іншымі пытаннямі: як купіць праязны, дзе знаходзіцца крама і іншымі (магчыма, дробнымі, але для нас вельмі важнымі) парадамі. Потым пачалі прыязджаць іншыя людзі, і мы сустракалі іх як блізкіх сяброў, дзяліліся сваім досведам: на правах «старажылаў» падказвалі, дапамагалі, падтрымлівалі, як маглі і ўмелі.

Праз нейкі час я знайшоў працу, зняў кватэру і з'ехаў з шэлтара, але па выхадных прыязджаў туды як у сям'ю. Паступова ўладкаваліся і раз'ехаліся першыя жыхары, але традыцыі падтрымкі і клопату засталіся. Мы перыядычна сустракаемся ў шэлтары, узгадваем, як жылі тут, дзелімся досведам з новымі жыхарамі, прывозім розныя смачнасці.

Як ні сумна, паток уцекачоў не змяншаецца, і ўсім ім патрэбны дах над галавой, ежа, але больш за ўсё ім (нам) патрэбна вера ў тое, што беларус беларусу — беларус. Падставіць плячо і падтрымае ў цяжкую хвіліну.

Я (мы) дзякую ўсім, хто падтрымлівае шэлтар. Гэта дапамагае людзям прайсці складаны этап, а потым дапамагаць іншым. Амаль усе, хто жыў у шэлтары, падтрымліваюць сувязь і стасуюцца паміж сабой (у нас ёсць свой чат). Дзякуючы вам і фонду мы пазнаёміліся і не згубіліся.

Я ведаю, што праз нейкі час мы вернемся і сустрэнемся ў Беларусі, падзелімся ўсім, пра што цяпер не можам расказаць, і зноў адчуем тую атмасферу 2020 года.

Калі вам блізкая гісторыя Сяргея і вы хочаце дапамагчы тым, хто толькі пачынае свабодны шлях пасля турмы, — падтрымайце наш шэлтар.

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.