
Мы пагутарылі з адным з жыхароў шэлтара пра жыццё пасля калоніі, эміграцыю, падтрымку і мару, што застаецца галоўнай.
— Раскажыце сваю гісторыю. Як Вы апынуліся ў Літве?
У верасні 2021 года мяне затрымалі паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады». Пазней мяне асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
11 верасня 2025 года мяне прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву. Так я апынуўся ў эміграцыі — далёка ад дому, сям'і і ўсяго, што было мне вельмі дарагім.
— Як вы трапілі ў шэлтар фонду?
Пра шэлтар я даведаўся ад свайго знаёмага. Пасля вызвалення ў мяне былі сур'ёзныя цяжкасці з жыллём. Ён параіў звярнуцца ў фонд і даслаў спасылку.
Я напісаў з просьбай аб дапамозе, і каманда вельмі хутка адгукнулася. Так я апынуўся ў шэлтары.
— Як выглядае ваша жыццё ў шэлтары?
У побытавым плане тут ёсць усё неабходнае. Заўсёды ёсць прадукты, можна прыгатаваць ежу, памыць рэчы, скарыстацца сродкамі гігіены і бытавой хіміяй. Калі ты пачынаеш жыццё амаль з нуля, гэта вельмі важна.
Цяпер я працую, таму ў шэлтары бываю пераважна вечарамі. Але самае галоўнае — гэта адчуванне бяспекі і падтрымкі.
— Што сёння дапамагае вам аднаўляцца?
Перш за ўсё — людзі. Тыя, хто падтрымлівае, клапоціцца і не дазваляе адчуць сябе самотным.
Я таксама стараюся адкрываць для сябе новыя мясціны, падарожнічаць, пазнаваць Літву. Гэта дапамагае хаця б ненадоўга пераключыцца.
Але вельмі часта сумую па доме. У Беларусі засталася мая сям'я, і гэта самае цяжкае.
— Што б вы хацелі сказаць людзям, якія падтрымліваюць фонд і шэлтар?
Хачу шчыра падзякаваць усім, хто дапамагае рэпрэсаваным беларусам і былым палітвязням.
Многія пасля вызвалення губляюць практычна ўсё. І менавіта праз такую падтрымку з'яўляецца магчымасць зрабіць першы крок да новага жыцця.
Спадзяюся, што і надалей дапамогу будуць атрымліваць людзі, якія пасля вызвалення будуць вымушаныя пакінуць Беларусь. На жаль, многія з'язджаюць не па сваёй волі.
Вялікі дзякуй кожнаму, хто працягвае падтрымліваць нас.
— Пра што вы сёння марыце?
Больш за ўсё я мару вярнуцца ў родную Беларусь — без дыктатуры і рэпрэсій.
Хачу зноў быць побач са сваёй сям'ёй, вярнуцца ў свой дом. Тут я адчуваю сябе добра, але чужына ўсё роўна застаецца чужынай. Дома было б значна лепш.
Дзякуючы вашай падтрымцы людзі атрымліваюць не толькі бяспечнае жыллё, але і магчымасць пачаць жыццё нанова.
Падтрымайце наш шэлтар 👉 https://www.stranafund.org/kampanii/shelter-campaign