«У чужой краіне з дзецьмі — і амаль без нічога». Гісторыя жыхаркі шэлтара

Інтэрв'ю з жыхаркай шэлтара фонду — маці, якая пасля затрымання і крымінальнай справы была вымушаная з'ехаць з Беларусі. Гісторыя пра страх, ад'езд і аднаўленне ў бяспецы.
Апублікавана на
2026-08-12

Пасля затрымання, пагрозаў забраць дзяцей і крымінальнай справы беларуска была вымушаная пакінуць краіну. Сёння яна жыве ў шэлтары фонду ў Літве і ўпершыню за доўгі час вучыцца проста быць у бяспецы.

Працягваем знаёміць вас з людзьмі, для якіх наш шэлтар стаў часовым домам і бяспечным месцам пасля вымушанага ад'езду з Беларусі.

Наша сённяшняя гераіня — маці, якая выхоўвае дзяцей адна. У апошнія гады, паводле яе словаў, усё больш адчувала, што не жыве ў роднай краіне, а выжывае. Пасля затрымання і завядзення крымінальнай справы ёй давялося тэрмінова з'ехаць з Беларусі.

У Літве сям'я сутыкнулася з новымі цяжкасцямі: праблемамі з арэндай жылля, адсутнасцю дакументаў і нядобрасумленным працадаўцам. Напярэдадні высялення жанчына даведалася пра наш шэлтар.

Сёння яна кажа, што аднаўляцца ёй перш за ўсё дапамагае спакой — больш не трэба баяцца кожнага стуку ў дзверы і жыць у пастаяннай напрузе.

— Раскажыце пра сваё жыццё ў Беларусі. Калі вы ўпершыню сутыкнуліся з пераследам?

Жылі-былі ў Беларусі. Хаця апошнія некалькі гадоў ужо больш нагадвалі выжыванне. Застой і дэградацыя былі мне бачныя заўсёды. Я не бачыла будучыні для дзяцей.

«Хадакі» пачалі прыходзіць да нас яшчэ ў жніўні-верасні 2020 года. Але тады законы яшчэ не «закруцілі» да абсурду, і затрымаць мяне не было за што.

У 2024 годзе мне выпісалі адміністрацыйны штраф. А ў сакавіку 2026 года па мяне прыехалі чалавек дзесяць. Спачатку гэта нават здавалася смешным.

На мяне завялі крымінальную справу паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Доказнай базы не было. Але мяне шантажавалі дзецьмі: сказалі, што альбо я падпісваю ўсё, што яны мне даюць, і да суда застаюся з дзецьмі пад хатнім арыштам, альбо мяне адпраўляюць у СІЗА, а дзяцей — у сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр.

Я падпісала ўсё.

Пасля ІЧУ вярнулася дадому. На наступны дзень звязалася са знаёмымі ў Польшчы і Вільні. Яны ў адзін голас параілі з'язджаць.

Потым быў кантакт з эвакуацыйнай ініцыятывай. Тры дні ў дарозе — і мы ўжо ў Літве. Чаму Літва? На той момант гэта быў самы хуткі і блізкі маршрут. «Падарожнічаць» з маленькім дзіцем — такое сабе задавальненне.

— Як вы даведаліся пра шэлтар фонду?

Мне, можна сказаць, «пашанцавала» — хаця сітуацыя была вельмі складанай.

Пасля прыезду ў Літву ў нас на першы час было аплачанае жыллё. А потым пачалося: кватэры нібыта ёсць, але… дзеці, рускамоўная сям'я, няма ВНЖ. І з гэтым я сутыкалася ў розных варыяцыях.

Час ішоў, аплачанае жыллё заканчвалася, а кватэра так і не знаходзілася. Да таго ж трапіўся нядобрасумленны працадаўца, які перастаў цалкам плаціць і толькі карміў абяцаннямі.

За дзень да выселення адзін знаёмы распавёў мне пра шэлтар. Ён нават не ведаў, што ў мяне праблемы з жыллём. Сам калісьці тут жыў, але кантактаў не памятаў.

Праз праваабаронцаў атрымалася знайсці патрэбны кантакт, і я звязалася з супрацоўніцай фонду. Увечары мы перавезлі частку рэчаў, а на наступную раніцу перабраліся самі.

— Як выглядае ваша жыццё ў шэлтары?

Жыццё як жыццё. 😁 Умовы вельмі добрыя, я нават не чакала.

Жыхары нармальныя, размаўляем, шмат агульных тэмаў — Беларусь, Украіна, жыццё пасля ад'езду. Дома знаёмыя адкрыта баяцца пра гэта гаварыць.

— Што больш за ўсё дапамагае вам аднаўляцца цяпер?

Спакой.

Ты не ўздрыгваеш ад кожнага стуку ў дзверы. Ніхто не лезе ў твой тэлефон.

Апошнія два гады я нават не карысталася аплікацыямі на тэлефоне: усюды заходзіла праз браўзер па лагіне і паролі, нічога не захоўвала. Усё памятала.

Тут толькі, напэўна, праз месяц я ўпершыню ўсталявала аплікацыі і захавала паролі.

Здаецца, дробязь. Але для мяне гэта было адчуваннем, што я сапраўды ў бяспецы.

— Што б вы хацелі сказаць людзям, якія падтрымліваюць фонд і шэлтар?

Тут ніякіх словаў не хопіць. Безмежная ўдзячнасць.

Мы хоць маленькія заплечнікі з сабой бралі, крыху грошай. А некаторыя людзі аказваліся па-за домам ледзь не ў адных майтках.

Таму дапамога і падтрымка — гэта супер.

Я яшчэ часта ўспамінаю 2013 год, калі пачалася вайна на Данбасе. Тады ў Беларусі людзі аб'ядналіся і дапамагалі бежанцам. Фондаў амаль не было — хто чым мог.

Я бачыла жах у вачах гэтых людзей. Некаторыя пакідалі нават тыя нешматлікія рэчы, якія мелі, на мяжы — у Беларусь прыязджалі літаральна без нічога. Былі сем'і з дзецьмі да года.

Майму дзіцяці тады было два гады. У нас была асобная кватэра, усё неабходнае. Гэтыя людзі жылі прыкладна гэтак жа, і ў адзін момант засталіся без нічога.

Я часта пра гэта думала і нікому не зычыла апынуцца ў чужой краіне з дзецьмі без анічога.

І праз 13 гадоў я сама трапіла ў падобную сітуацыю. Прычым вайны на нашай тэрыторыі няма, а ўцекачы — ёсць.

Я вельмі злуюся на ўладу, што пазбаўляе людзей дома, бяспекі і магчымасці жыць сваім жыццём.

— Пра што вы марыце сёння?

Банальна, але — пра будучыню дзяцей. Пакуль што ў Беларусі яе для іх няма. Хочацца, каб яны маглі спакойна жыць, вучыцца, мець будучыню.

🤍 Наш шэлтар — гэта часовы бяспечны дом для беларусаў і беларусак, якія былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі.

Калі вы хочаце дапамагчы людзям, якія пачынаюць жыццё нанова ў эміграцыі, падтрымайце наш шэлтар: https://www.stranafund.org/kampanii/shelter-campaign

Дзякуй!

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.