
Калі я думаю пра сваю працу ў фондзе, то адлік пачынаю не з моманту, калі ўзначаліла яго. Я прыйшла ў каманду ў студзені 2021 года як капірайтарка, пазней каардынавала дапамогу палітвязням, а ў кастрычніку 2022 года ўзяла на сябе кіраўніцтва.
Я вельмі ўдзячная першай кіраўніцы фонду, Машы Мароз, — менавіта яна дала мне гэты шанец і паверыла ў мяне. Хачу думаць, што сёння яна можа ганарыцца: фонд не проста працягвае працаваць — ён вырас, стаў мацнейшым, сабраў вакол сябе прафесійных і адданых людзей. Каманда цяпер іншая, яе мы ўжо фармавалі разам са Славай, але гэта людзі, якімі я шчыра захапляюся. Кожным паасобку і ўсімі разам.
Самым складаным для мяне быў адзін момант. Увосень 2022 года я ўзяла на сябе адказнасць за фонд. Гэта быў цяжкі час, рэсурсаў амаль не было, у камандзе — толькі мы са Славай. Мне было страшна, што не вытрымаю. Я добра памятаю, як Слава тады спакойна сказаў: «Усё атрымаецца». У гэтай упэўненасці было столькі сілы, што сумневы адступілі. І сапраўды — атрымалася.
На жаль, патрэба ў дапамозе не знікае. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, і, нягледзячы на тое, што больш за тры тысячы чалавек ужо выйшлі на волю, колькасць палітвязняў застаецца вялікай. Значыць, трэба працягваць дзейнасць. Шукаць магчымасці, працаваць яшчэ больш плённа і адказна, рабіць кожны дзень лепшым за папярэдні. Пакуль усе не будуць вольныя.
Сіла фонду — у людзях. У тых, хто часта на мяжы ўласных рэсурсаў робіць нябачную, але жыццёва важную справу. І публічныя, і непублічныя супрацоўнікі — гэта часткі аднаго вялікага механізма. Фонд існуе, пакуль жыве ўнутранае рашэнне кожнага з супрацоўнікаў не раскапушчваць крылы і падтрымліваць тых, каму сёння найбольш цяжка.
Мне хацелася б, каб каманда заўсёды памятала, чаму мы сабраліся разам. Фонд стаў адказам на боль і несправядлівасць, што Беларусь перажыла пасля выбараў 2020 года, калі тысячы людзей апынуліся ў бядзе і мелі патрэбу ў падтрымцы.
Наша місія простая і важная — дапамагаць. А галоўная каштоўнасць — гэта правы чалавека. Усё, што мы робім, мусіць трымацца на гэтым падмурку.
Не існуе «ідэальнага» моманту — ёсць адчуванне гатоўнасці. Перамены адбываюцца тады, калі да іх гатовыя людзі і перадусім каманда.
Для мяне было важна наладзіць унутраныя працэсы так, каб са зменай кіраўніка праца не спынілася ні на дзень. Мы рыхтаваліся да гэтага каля паўгода, крок за крокам перадавалі адказнасць. І цяпер я спакойная: фонд будзе рухацца наперад.
Усё атрымаецца. Ты станеш новым этапам у развіцці фонду, які нам усім вельмі дарагі і ў які ўкладзена столькі сіл і сэрца. Я веру ў цябе, у каманду і ва ўсіх, хто падтрымлівае.
Я заўсёды застаюся поруч. Я — тое плячо, на якое можна абаперціся ў самыя складаныя часы. Беражыце адно аднаго і цаніце тое, што мы маем сёння.