
Працягваем знаёміць вас з жыхарамі нашага шелтара. Сёння сваёй гісторыяй дзеліцца Вадзім (імя змянілі з мэт бяспекі), які шмат гадоў жыў звычайным жыццём — праца, дом, сям'я. Пасля жорсткага затрымання і палітычнага пераследу ў 2026 годзе яму давялося тэрмінова пакінуць Беларусь.
Ён расказвае пра страх пасля затрымання, першыя дні ў бяспецы, клопат з боку землякоў і пра тое, чаму цяпер вельмі цэніць самыя простыя рэчы — цішыню, дрэвы, світанкі і магчымасць планаваць будучыню.
Я самы просты з усіх простых беларусаў. Звычайная гісторыя: праца, дом, сям'я.
Я ніколі не быў «за» першага і пакуль адзінага прэзідэнта Беларусі. Але думаю, што ў першыя некалькі гадоў свайго прэзідэнцтва ён зрабіў для краіны некаторыя станоўчыя рэчы. Я добра памятаю складаныя гады перад распадам СССР і пачатак незалежнай Беларусі: талоны на прадукты, пустыя прылаўкі, разгул бандытызму на дарогах і не толькі. Ён гэта тады паспяхова вырашыў. І калі б у свой час сумленна сышоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй, застаўся б паважаным чалавекам.
Але ён не сышоў, незаконна захапіў ўладу і ператварыў дзяржаву ва ўласнасць аднаго чалавека. З таго часу многія актыўныя людзі пацярпелі, была разбураная прамысловасць, навука, а краіна апынулася ў хвасце цывілізацыі.
Зразумела, 2020 год для многіх беларусаў стаў вырашальным. Многія так ці інакш праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. У тым ліку і я: пісаў каментары ў Telegram, YouTube і іншых месцах.
У 2026 годзе гэта нечакана мне адгукнулася — жорсткім і, на маю думку, абсалютна незаконным затрыманнем.
Куча АМАПаўцаў у балаклавах і бронекамізэльках, са зброяй, напала на мяне, нібыта я нейкі круты мафіёзі сусветнага ўзроўню. Уварваліся, надзелі кайданкі, правялі незаконныя ператрусы дома і на працы. Забралі мой тэлефон, патрабавалі прызнацца ў тым, чаго я не рабіў. У адваротным выпадку пагражалі пераследам маіх блізкіх.
Я зразумеў, што ў спакоі мяне ўжо не пакінуць. Як толькі правядуць экспертызу майго смартфона, мяне арыштуюць, сфабрыкуюць справу і дадуць такі тэрмін, які толькі змогуць «накруціць». Я сустракаў шмат падобных гісторый сярод сяброў і знаёмых.
Па сутнасці, было парушана маё канстытуцыйнае і грамадзянскае права на свабоду слова і волевыяўлення.
Мне ўдалося высветліць, што ў мяне ёсць забарона на выезд з краіны. Таму магчымасці проста сабраць рэчы і свабодна выехаць не было.
Тады я вырашыў звярнуцца да каманды эвакуацыі. Яна спрацавала вельмі дакладна, прафесійна і аператыўна. Мне дапамагалі на кожным кроку.
Я ўдзячны ўсім, хто ўдзельнічаў у маёй эвакуацыі!
У Літве мне дапамаглі з часовым жыллём у шэлтары, разам з тым дапамагаюць з афармленнем ВНЖ.
Неверагодная падтрымка на кожным кроку. Я нават не чакаў!
Пасля некалькіх сутак у дарозе ў шэлтары мяне сустрэлі мае суайчыннікі і прыгатавалі для мяне вячэру. Гэта было проста неймаверна!
Я тут усяго некалькі дзён, але ўсе жыхары вельмі добразычлівыя, знаёмяць мяне з мясцовым жыццём, шмат чаго падказваюць. Тут вельмі добрая, цёплая атмасфера. Мне нават прапанавалі дапамогу псіхолага.
Цішыня вакол, планы на будучыню, зносіны з жыхарамі шэлтара.
Тут ёсць маленькі куток прыроды: вавёркі, шум дрэваў. Нядаўна раніцай міма плота прабегла ліса.
Я цаню простыя рэчы: неба, світанак, захад сонца, лінію гарызонту, шум дажджу. Усё гэта дапамагае.
Вы робіце велізарную справу — дапамагаеце людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі і сутыкнуліся з рэпрэсіямі на радзіме.
Выратаванне і падтрымка такіх людзей — гэта вельмі шмат значыць. Я веру, што ўсё гэта вам вернецца дабром. Я шчыра, ад усяго сэрца ўдзячны вам за дапамогу!
Пра што мару...
Кароткатэрмінова — як мага хутчэй наладзіць сваё новае жыццё ў свабоднай Еўропе. Хачу ўз'яднацца тут з сям'ёй.
Хачу будучыні для сваіх дзяцей у свабоднай краіне, з дэмакратычнымі законамі. Хачу працаваць, развіваць эканоміку і быць карысным для грамадства. Я прафесіянал сваёй справы і магу шмат зрабіць.
У найбліжэйшай будучыні планую ўносіць свой пасільны ўклад у фонд дапамогі такім людзям, як я.
І вельмі спадзяюся, што дыктатарскі рэжым Лукашэнкі хутка рухне. А я змагу вярнуцца ў свабодную Беларусь — краіну, дзе кожны чалавек будзе мець права на свабоду, бяспеку і годнае жыццё.
🤍 Наш шэлтар — гэта часовы бяспечны дом для беларусаў і беларусак, якія былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі.
Калі вы хочаце дапамагчы людзям, якія пачынаюць жыццё нанова ў эміграцыі, падтрымайце наш шэлтар: https://www.stranafund.org/kampanii/shelter-campaign
Дзякуй!