5 гадоў дапамогі і салідарнасці: як працуе фонд «Краіна для Жыцця»

Фонду «Краіна для Жыцця» споўнілася 5 гадоў. За гэты час каманда прайшла шлях ад ініцыятывы дапамогі актывістам да аднаго з найбуйнейшых беларускіх гуманітарных праектаў. Як працуе фонд, што сёння становіцца галоўным выклікам і чаму важна працягваць, распавядае праектны дырэктар Вячаслаў Жукаў
Апублікавана на
2025-10-09

Фонд утварыўся 5 кастрычніка 2020 года як дапамога валанцёрам. Сёлета яму споўнілася 5 гадоў. Як прайшоў гэты шлях? Якія асноўныя вехі Вы б вылучылі?

Шлях фонду за гэтыя 5 гадоў быў няпросты, але натхнёны. Ён з'явіўся як адказ на крызіс: спачатку дапамагалі валанцёрам і актывістам, але ўжо да канца 2020 года стала зразумела, што колькасць палітвязняў расце, і мы пераарыентаваліся на падтрымку іхніх сем'яў. Гэта была першая важная веха. Далей — стварэнне сістэмы дапамогі: не разавыя зборы, а комплексная падтрымка — матэрыяльная, юрыдычная, псіхалагічная. Потым — выхад за межы гуманітарнай місіі: мы занялісі правааабарончай адвакацыяй, пачалі прадстаўляць інтарэсы палітвязняў на міжнароднай арэне. Найважнейшае — нам удалося захаваць прынцыпы праз гнуткую адаптацыю да новых выклікаў. Гэтыя гады сталі перыядам фармавання ўстойлівай, прынцыповай арганізацыі.

Вы дапамагаеце вельмі ўразлівай групе — сем'ям палітвязняў у Беларусі. Ці ўдалося захаваць сетку кантактаў з 2020 года? Як Вы падтрымліваеце сувязь ва ўмовах, калі дапамога можа каштаваць людзям волі? Што для іх сёння самае важнае?

Мы не захоўвалі сетку ў звыклым сэнсе. Гэта хутчэй сістэма даверу і гнуткіх, шматузроўневых каналаў. Бяспека — наш галоўны прыярытэт. Кожны крок правяраецца, кожны акт дапамогі арганізуецца так, каб не нашкодзіць. Мы захоўваем кантакт праз давер, гнуткасць і пастаянную адаптацыю. Што важна для сем'яў? Перш за ўсё — адчуванне, што іх не пакінулі. Таксама — упэўненасць у стабільнасці дапамогі, гатоўнасць фонду хутка рэагаваць і разуменне, што іхні голас чуваць на міжнароднай арэне. Мы не толькі аказваем дапамогу, але і вядзем актыўную правааабарончую дзейнасць, — ад адвакацыі да ўдзелу ў міжнародных гуманітарных структурах.

Ці ёсць гісторыя пацярпелага, што асабліва вас краніла і засталася з вамі дагэтуль?

Вылучыць адну гісторыю немагчыма. Натхняюць не асобныя лёсы, а агульная сіла духу людзей, якія застаюцца вернымі сабе нават у самых нечалавечых умовах. Напрыклад, Наталля Гуліна — веганка, і здолела захаваць свае перакананні ў турмэ. Альбо Мікалай Статкевіч — сімвал несахіснасці і вернасці сваёй краіне. Гэтыя гісторыі — штодзённая крыніца матывацыі.

Які Ваш улюбёны праект фонду? Рэкую кампанію вы лічыце самай паспяховай?

Мой улюбёны — праграма культурнага абмену для дзяцей палітвязняў. Гэта магчымасць даць дзецям надзею і новы погляд на жыццё. Характэрны прыклад: нядаўна я размаўляў з валанцёркай і не мог узгадаць, дзе мы бачыліся. Яна нагадала, што 4 гады таму я суправаджаў групу дзяцей у адукацыйны лагер у Нарвегіі, дзе была і ейная дачка. Яна расказала, што да паездкі дачка была досыць своевольнай і не вельмі матывыванай да вучобы. Але пасля гэтага досведу ў сё з'явіліся зусім іншыя памкненні — сна пачала старанна вучыцца, вучыць мовы. Гэта даказвае, што мы даём не проста адпачынак, а жыццёвы імпульс.

Найбольш паспяховая кампанія — праграма «Сябар сям'і». Праз сё мы стабільна падтрымліваем больш за 60 сем'яў штомесяц, агульны аб'ём дапамогі наближаецца да паўмільёна еўра. Гэта — падмурак салідарнасці.

Зараз многія беларусы ў эміграцыі адышлі ад падзей 2020 года, будуюць асабістае жыццё. Словы «фонды, гранты, данаты» ў многіх выклікаюць раздражненне. Як у гэтай новай рэальнасці ладзіць працу фонду і размаўляць з аўдыторыяй?

Мы пераходзім ад тэрмінаў да каштоўнасцей. Замест «данатаў» — «узаемадапамога», замест «грантаў» — «салідарнасць». Гэта пра чалавечы ўдзел. Так, бяспека абмяжоўвае нашу публічнасць, але мы максімальна празрыстыя ў межах магчымага. Наш прынцып: бяспека важнейшая за публічную справаздачу. Галоўнае — мы не спыняемся. Мы развіваем культуру падтрымкі, запускаем адаптаваныя зборы, далучаем дыяспару, шукаем новыя формы зваротту да стомленай аўдыторыі.

Недабраўмеленнасць адных арганізацый спарадзіла недавер да іншых. Як вярнуць давер і захаваць рэпутацыю?

Мы вяртаем давер праз дзеянні. Паслядоўна, год за годам, прытрымліваемся сваіх прынцыпаў. Не абяцаем больш, чым можам выканаць. Наш галоўны індыкатар — давер бенефіцыяраў. Яны ведаюць, што мы надзейныя. Мы не ўдзельнічаем у публічных канфліктах — засяроджваемся на дапамозе. Рэпутацыя будуецца не на публікацыях у соцсетках, а на штодзённай працы і ейных выніках.

Асноўныя донары — беларусы за мяжой. Ці атрымліваецца знаходзіць новую аўдыторыю? Ці ёсць цікавасць з боку польскага, літоўскага або міжнароднага бізнесу, ці ўсё трымаецца толькі на «беларусы для беларусаў»?

Сапраўды, сёння нашыя асноўныя ахвярадаўцы — беларусы за мяжой, гэта і нагода для гонару, і наш галоўны выклік. Мы ганарымся тым, што, знаходзячыся ў эміграцыі, захоўваем фокус на дапамозе ўнутры Беларусі, дзе застаюцца нашы бенефіцыяры і асноўная частка аўдыторыі.

Пашыраць базу донараў атрымліваецца, але не так хутка, як хацелася б. Сутыкаемся з трыма асноўнымі цяжкасцямі. Найперш гэта — змяненне фокуса аўдыторыі: пік 2020—2021 ужо прайшоў. На фоне рэпрэсій, вайны ва Украіне і агульнай стомы фокус зрушыўся. Далей — дэфіцыт рэсурсаў: не стае людзей і часу, каб шукаць падтрымку ў бізнесе, пісаць заяўкі ў замежныя фонды і працаваць з новай аўдыторыяй. І апошняе — бяспека донараў унутры Беларусі: няма бяспечнай магчымасці прызываць беларусаў унутры краіны да падтрымкі да беларусаў унутры краіны, і гэта выключае значную частку патэнцыйных ахвярадаўцаў.

Шмат хто выключае навіны, каб захаваць ментальнае здароўе, і кажа: «Мая эмпатыя скончылася». Што б вы сказалі такім людзям?

Эмпатыя — не абавязак. Кожны мае права на паўзу. Важна зразумець: эмпатыя — гэта не заўсёды боль. Яна можа быць крыніцай сілы, калі пераходзіць у дзеянне. Не абавязкова чытаць трагічныя навіны, каб дапамагчы. Падтрымка — гэта не толькі грошы, гэта і час, і веды, і ўдзел. Галоўнае — знайсці форму, што напаўняе, а не спустошвае.

Якая яна, паўсядзённая ізнанка дабрачыннасці, пра якую мала хто ведае?

Гэта пастаяннае напружанне і стомленасць. Прасіць дапамогу — эмацыйна цяжка. Людзі ў фондзе штодня працуюць з чужым болем, і гэта назапашваецца. Часта давoдзіцца чуць адмову, сутыкацца з абясцэньваннем. Але ў той жа час — гэта натхнёная праца. Калі бачыш, што чалавек, каму ты дапамог, сам пачынае дапамагаць іншым — гэта надае сілы.

Ці бываюць моманты, калі хочацца ўсё кінуць? Што дапамагае вам заставацца ў прафесіі?

Бываюць. Часта. Праца нестабільная, зароўкі не заўсёды ёсць. Але трымаюць не камфорт, а прынцыпы. Гэта наш шлях, наша ідэнтычнасць. Мы застаемся не дзеля прызнання, а таму што не можам прайсці міма. Гэта асабістая перакананасць, і яна мацнейшая за выгаранне.

Што вы атрымалі за гэтыя 5 гадоў або чаму навучыліся як чалавек?

Я сфармуляваў і навучыўся прытрымлівацца сваіх жыццёвых прынцыпаў. Глыбей зразумеў правы чалавека, роўнасць, гуманізм. Вакол мяне з'явілася супольнасць людзей з падобнымі каштоўнасцямі. Гэта досвед, што застанецца са мной назаўсёды.

Дабрачыннасць — гэта школа грамадзянскай супольнасці. Ці можна досвед, які атрымліваюць донары і арганізацыі, выкарыстоўваць у вольнай Беларусі?

Так, але я б назваў гэта не школай, а пунктам уваходу. Праз дабрачыннасць людзі вучацца салідарнасці, адказнасці, даверу. Мы атрымалі досвед кіравання рэсурсамі, крызісамі, камунікацыяй, — усё гэта спатрэбіцца ў вольнай Беларусі. Галоўнае — культура гарызантальнага ўзаемадзеяння ўжо закладзена.

Якія планы ў фонду на бліжэйшы час?

Мы працягваем дапамагаць уразлівым групам — у першую чаргу сем'ям палітвязняў. Паралельна ўмацоўваем празрыстасць, развіваем дзіцячыя праграмы, шукаем партнёрствы.

Мы актыўна ўдзельнічаем у развіцці Міжнароднага гуманітарнага фонду. Спадзяюся, што з часам ён стане ключавым інструментам доўгатэрміновай, сістэмнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі, у тым ліку аднаўлення правоў і кампенсацыі шкоды. Гэта наш унёсак у стварэнне ўстойлівай інстытуцыйнай асновы для будучыні.

Уявіце: Беларусь — свабодная краіна. Што будзе з фондам у гэты дзень?

Мы не закрыемся, а пачнём новы этап. Зможам працаваць унутры краіны, пашырыць місію, павысіць эфектыўнасць. Засяродзімся на аднаўленні правоў, кампенсацыях, сацыяльнай рэабілітацыі. Фонд стане нацыянальным інстытутам дапамогі — устойлівым і адкрытым.

Калі б у вас была магчымасць звярнуцца да ўсіх беларусаў адным сказам, што б Вы сказалі?

Любыя значныя змены пачынаюцца з аднаго малога, але важнага кроку. Я заклікаю кожнага зрабіць яго сёння.

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.