Галоўнае слова — "дзякуй!"

Гісторыя Аляксея Сіленкі, былого палітзняволенага, што сёння жыве ў шэлтары Дабрачыннага фонда "Краіна для Жыцця" ў Вільні. Пра першыя моцныя пачуцці свободы, аднаўленне і новыя мары.
Апублікавана на
2025-10-09

Аляксей Сіленка — архітэктар і музыкант, барабаншчык. Ён скончыў БНТУ, выступаў на мінскіх пляцоўках і ўдзельнічаў у вулічных праектах («ох.РА», «БУЛЬВАР», Mnsr. Gustav і інш.) Пасля пачатку вайны Аляксей з'ехаў у Грузію. У 2024 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі і судзілі па арт.130 ч.1 КК РБ ("распальванне варожасці") і арт. 361 ч.3 КК РБ ("заклік да санкцый").

11 верасня 2025 года Аляксея прымусова выдворылі ў Літву ў групе з 37 беларускіх палітзняволеных. На мяжы стала вядома, што ў 13 з іх сілавікі адабралі пашпарты. Былыя палітзняволеныя не ведаюць, на падставе чаго іх датэрмінова выпусцілі з калоній: даведку аб вызваленні ім не выдалі, канфіскавалі нават прыгаворы. Некалькі чалавек былі "памілаваны", практычна адбыўшы ўвесь вызначаны судом тэрмін, яны павінны былі выйсці ўжо ў бліжэйшыя месяцы. Асобнай згадкі варта тое, што некалькі памілаваных ужо даўно адбылі свае "першапачатковыя" тэрміны.

"Упершыню адчуў свабоду, калі пабачыў сцяг Еўразвяза"

Першае моцнае пачуццё з'явілася тады, калі аўтобус пад'ехаў да мяжы і я пабачыў сцяг ЕЗ. Да гэтага дзень быў цяжкім, пустым, безэмацыйным. А тут — проста радасць. Нават большая, чым ад слоў "Вы — вольныя!

"Тэлефон і навушнікі сталі крокам у новае жыццё"

Калі мы прыехалі ў шэлтар, нам адразу раздалі тэлефоны, sim-карты, навушнікі. Гэта дапамагло вярнуцца ў рэальнасць, пачаць стасавацца, атрымліваць інфармацыю. Пасля месяцаў ізаляцыі і прымусовых праглядаў прапагандысцкіх каналаў гэта було неймаверна важна.

Дабрачынны фонд "Краіна для Жыцця" стварыў шэлтар у Вільні для вызваленых палітзняволеных, якія патрабуюць час і падтрымкі для аднаўлення пасля месяцаў або гадоў зняволення. Тут людзі атрымліваюць бяспечнае жытло, псіхалагічную дапамогу, юрыдычнае суправаджэнне, медыцынскую падтрымку і асістэнцыю ў інтэграцыі. Шэлтар дапамагае былым зняволеным паступова вярнуцца да нармальнага жыцця, знайсці сябе ў новых умовах і пачаць планаваць будучыню.

"Шэлтар — месца падтрымкі і аднаўлення"

Тут камфортна і бяспечна. Усё зроблена так, каб мы маглі аднавіцца. Зразумела, што пакуль ёсць адчуванне нявызначанасці, але гэта проста ўнутранае пачуццё ад сітуацыі. Тут добрая атмасфера, шмат увагі і дапамогі. Кампанія людзей добрая, усе аднадумцы, мы нармалёва ўжываемся.

"Нанова вучуся марыць"

Я быў гатовы адбыць тэрмін і вярнуцца да жыцця ў Беларусі. Цяпер усе планы разбураныя. Я толькі фармірую новыя мары. Хачу працягваць архітэктурную справу, вывучаю, што змянілася ў прафесіі, асабліва ўкараненне нейрасетак. Упэўнены, што змагу дагнаць. А яшчэ я — музыка, 20 гадоў граю на барабанах. У Мінску ладзіў вулічныя джэмы, дзе збіраліся сотні людзей. Свабодны горад для мяне — тое, дзе людзі танчаць на вуліцы. Я мару купіць інструмент тут, у Вільні, і аднойчы зладзіць свята падзякі.

"Галоўнае слова — "дзякуй!""

Тут усё зроблена цудоўна. Я магу сказаць толькі адно: дзякуй!

Кожная такая гісторыя — напамін, для чаго мы працуем: каб чалавек, які прайшоў праз няволю, зноў адчуў сябе свабодным, патрэбным і здольным марыць.

Дзякуй усім, хто падтрымлівае фонд і наш шэлтар — ваша дапамога сапраўды змяняе жыццё.

👉 Збор на шэлтар

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.