«Часам чалавек проста не верыць, што варты дапамогі»: інтэрв'ю з юрысткай праекта «Дапамога мігранту»

Праект фонду «Краіна для Жыцця» амаль два гады вядзе бясплатную юрыдычную падтрымку беларусаў, вымушаных пераехаць у Літву з-за рэпрэсій. Інтэрв'ю з юрысткай пра тыповыя запыты, боль кліентаў і выгаранне.
Апублікавана на
2025-07-22

Праект фонду «Краіна для Жыцця» амаль два гады вядзе бясплатную юрыдычную падтрымку беларусаў, вымушаных пераехаць у Літву з-за рэпрэсій. Мы пагаварылі з юрысткай праекта пра тыповыя запыты, боль кліентаў, выгаранне і пра тое, чаму нават адзін данат значыць больш за грошы.

Пра пачатак праекта і ягонае развіццё

— Колькі часу фонд аказвае юрыдычную дапамогу беларусам у эміграцыі?

Праект «Дапамога мігранту» стартаваў у верасні 2023 года. Ён стаў лагічным працягам ініцыятывы «Юрыст на сувязі», дзе мы кансультавалі па пытаннях беларускага заканадаўства. З часам да нас пачалі паступаць шматлікія запыты пра легалізацыю ў Літве. Мы зразумелі неабходнасць асобнай каманды, што спецыялізуецца выключна на міграцыйных кейсах.

Хто звяртаецца і з якімі праблемамі

— Колькі людзей атрымалі вашу дапамогу за гэты час?

Мы вядзём статыстыку па колькасці запытаў, а не па асобах. Адна асоба можа зрабіць некалькі запытаў, а за адным запытам часта стаіць цэлая сям'я. З папярэдніх падлікаў, на сярэдзіну 2025 года каманда апрацавала больш за 200 запытаў.

— Якія пытанні сустракаюцца часцей за ўсё?

Тематыка залежыць ад практыкі Дэпартамента міграцыі Літвы і ад хваль рэпрэсій у Беларусі. Аднак ёсць і ўстойлівыя тэмы:

🔸 прызнанне беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы»;
🔸 адмова ў наданні ўцякацтва;
🔸 затрымкі з разглядам заявак на ВНЖ;
🔸 выбар аптымальнага шляху легалізацыі ў Літве.

Пра геаграфію вымушанай эміграцыі

— У якія краіны беларусы выязджаюць найчасцей?

Мы працуем пераважна па Літве, але па тыпу запытаў можна сказаць, што беларусы часта едуць ў Польшчу, Літву, Грузію. Да 2022 года папулярным напрамкам была Украіна. Вядома, што шмат беларусаў цяпер жыве ў Германіі.

— У якіх краінах беларусаў сустракаюць найбольш лаяльна?

Гэта залежыць ад таго, што мы разумеем пад «лаяльнасцю». Калі гаворка аб прыязнасці мясцовага насельніцтва — гэта можа быць Іспанія ці Партугалія. Калі пра зразумеласць бюракратыі і інтэграцыю — раней такой краінай была Польшча: прадказальнасць, мова, хуткая адаптацыя. Але ў нас няма сістэмнага даследавання, таму гэта суб'ектыўная ацэнка.

Пра змены ў міграцыйным заканадаўстве і частыя памылкі

— Як вы ацэньваеце тэндэнцыю да ўзмацнення міграцыйных законаў?

Як новы выклік. Мы цалкам разумеем тых, хто церпіць ад гэтага, бо самі — мігранты. Але разумеем і логіку краін: яны рэгулююць патокі, каб захаваць падтрымку грамадства. Гэта палітыка, і часта не самая гуманная.

— Якія памылкі людзі робяць, калі прымаюць рашэнні па міграцыйных пытаннях?

Дзве самыя частыя:

1. Капіююць чужы досвед, што не супадае з ягонай сітуацыяй.
2. Звяртаюцца па юрыдычную дапамогу ўжо пасля таго, як зрабілі няправільны крок, а не загадзе.

Пра асабістыя гісторыі і выгаранне

— Якая гісторыя кліента асабліва закранула вас?

Гэта гісторыя жанчыны, якая засталася ў Літве без дакументаў, у той час як уся яе сям'я атрымала ВНЖ. У яе было дзіця з асаблівымі патрэбамі, вельмі прывязанае да маці. Яна не магла выехаць, і не мела права легальна знаходзіцца ў краіне. Справа ўсё яшчэ не вырашана, і мы працягваем барацьбу. Калі я спытала, чаму яна не звярнулася раней, яна адказала: «Я думала, што іншым больш патрэбна, не хацела адбіраць час». Гэта было вельмі балюча чуць.

— Ці бываюць моманты, калі асабліва цяжка маральна?

Чувства несправядлівасці суправаджае мяне практычна заўсёды (тут магла б быць сумная ўсмешка). Абвастрэнні бываюць пару разоў на тыдзень — калі асабліва цяжка.

Але цяжка не толькі ад несправядлівасці, калі людзі доўга жывуць у стане няўпэўненасці. Цяжка прыняць тое, што яны раней прымалі правільныя, прадугледжаныя бяспекай рашэнні, а цяпер гэта ім выходзіць бокам. Напрыклад, той, хто выдаліў з телефонаў дадзеныя ці акаунты, каб абараніць сябе, а цяпер не можа пацвердзіць удзел у пратэстах.

Найцяжэйшае для мяне — адчуванне што ўсё марна. Што велізарная колькасць часу і сіл, што мы затрачваем з жаданнем дапамагчы, ідзе на беспаспяховыя спробы прабіць сістэму. Бо тры з паловай валанцёра не здольныя змяніць падыходы міграцыйных структур да кейсаў беларусаў.

— Як вы спраўляецеся з выгараннем?

Працаваць з болем, страхам і адчаем мне не асабліва цяжка — у мяне ёсць досвед, я ўмею падтрымліваць людзей у цяжкім стане. Больш складана спраўляцца з адчуваннем бессілля. Калі ты зрабіў усё, што мог, зрабіла каманда, а вынікаў няма — гэта сапраўды спустошвае.

У такія моманты, калі выгаранне ўжо «грукаецца ў вокны», я карыстаюся трыма прыёмамі:

1. Узгадваю гісторыі поспеху

Аднаўляю ў памяці выпадкі, калі наша дапамога спрацавала. Гэтыя маленькія перамогі ёсць важныя для тых, хто звярнуўся і моцна матывуюць нас працягваць.

2. Думкі пра рост каманды

Нагадваю сабе, як мы пазнаёміліся з новай сферай, склалі партнёрскія сувязі, навучыліся надаваць якасную дапамогу і падтрымліваць адно аднаго. У нас розны досвед і падыходы, але мы стварылі цёплую, эфектыўную атмасферу, дзе адзін дапаўняе другога.

3. Маю ўяўленне, што будзе, калі мы спынім працу

Што стане з людзьмі, якія застануцца без падтрымкі на роднай мове. Што будзе з камандай, што ўсё адно не зможа адмаўляць у дапамозе, але будзе рабіць гэта нефармальна. Такі спосаб самападтрымкі таксама працуе. Ён дае ўсвядоміць: тое, што мы робім, сапраўды патрэбна.

Чаму важна падтрымліваць праект

— Навошта праекту патрэбна падтрымка? Чаго варта нават адзін невялікі донат?

Праект існуе амаль два гады — і ўсё гэта без фінансавання. Мы — каманда валанцёраў, якія працуюць вечарамі і начамі пасля асноўнай працы. Данаты дазваляюць нам прысвячаць праекту больш часу, зніжаць нагрузку і дапамагаць тым, хто не можа сам аплаціць адваката ці не ведае, куды звярнуцца.

Кожнае ахвяраванне — гэта не проста грошы. Гэта магчымасць даць чалавеку апору. Дазволіць камусьці выдыхнуць і пачаць будаваць жыццё нанова без страху і юрыдычнага вэрхалу.

📌 Аб праекце «Дапамога мігранту»

Гэта ініцыятыва фонду «Краіна для Жыцця». З верасня 2023 года бясплатна дапамагае беларусам ў Літве з пытаннямі легалізацыі, ВНЖ, уцякацтва і прававой абароны. Праект працуе на валанцёрскіх пачатках і існуе дзякуючы неабыякавым людзям.

💛 Падтрымайце працу каманды — ваш данат дапаможа беларусам пачаць новае жыццё без страху і юрыдычнага вэрхалу.

👉 Зрабіць ахвяраванне

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.