
Мы працягваем знаёміць вас з жыхарамі шэлтара Дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця». На гэты раз сваю гісторыю расказаў Аляксандр (імя змянілі з мэт бяспекі) — беларус, якому прысудзілі 4 гады калоніі за каментары ў інтэрнэце, а потым «памілавалі» і прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву 19 сакавіка 2026 года.
— Я з 2019 года жыў і працаваў у Расіі. У 2020-м, калі закрывалі межы праз ковід, я там і застаўся. Жнівень 2020-га сустрэў там: глядзеў відэа, чытаў — на вачах слёзы, ад злосці сціскаў кулакі. Пісаў каментары, выказваўся.
Калі вярнуўся ў Беларусь, было адчуванне, што пратэст ужо задушаны. Сотні тысяч выходзілі, але яшчэ больш заставаліся дома, думалі: «Што я адзін магу?» І кожны думаў, што ён адзін.
Я працягваў пісаць — усюды, дзе мог. Асабліва калі бачыў хлусню.
— У 2023 годзе мной пачалі цікавіцца сілавікі. У верасні затрымалі: далі «суткі» за падпіскі. А ўжо ў кастрычніку — крымінальная справа і СІЗА. Там я правёў амаль год. У выніку прысуд — 4 гады і штраф. Потым этап у Наваполацк, яшчэ паўтара года.
18 сакавіка 2026 мяне раптоўна знялі з працы, аддалі рэчы і павезлі ў Калядзічы. А 19 сакавіка — вывезлі ў Літву. Без дакументаў. Без папярэджання.
— З мяжы нас прывезлі ў шэлтар. Прапаноўвалі жыць у кватэры, але я адмовіўся. Тут ціха, спакойна, ёсць людзі побач. Пасля калоніі нельга быць аднаму — гэта небяспечна.
— Дапамога тут — ва ўсім. Нас апранулі, далі вітаміны, у першы ж вечар накармілі гарачым баршчом. Далі тэлефон — я змог звязацца з роднымі.
Дапамагаюць з дакументамі, з фінансамі. У нас ёсць свае «куратары па побыце». Да іх заўсёды можна звярнуцца. Важна, што тут даюць час: калі ты не гатовы да самастойнага жыцця, можаш застацца даўжэй.
— Мы прывыкаем да вольнага жыцця. Вучымся, рыхтуемся да працы, вывучаем мовы. Знаёмімся з Вільнюсам — для мяне гэта першы выезд у Еўропу. Вось так атрымалася. Мы тут самі за сябе адказваем: сочым за парадкам, вучымся жыць у цывілізаваным грамадстве.
— Шэлтар сапраўды патрэбны. Пасля калоніі жыццё тут — гэта магчымасць выдыхнуць і зноў адчуць сябе чалавекам. Як у Купалы: «людзьмі звацца».
— Я мару, каб да мяне прыехала жонка. Каб мы абодва знайшлі працу. Жыць нармальна, нават калі не на радзіме. І, калі будзе магчымасць, — дапамагаць іншым.
💛 Калі вам блізкая гісторыя Аляксандра і вы хочаце дапамагчы тым, хто толькі пачынае свабодны шлях пасля турмы, — падтрымайце наш шэлтар па спасылцы.