Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця» цвёрда і паслядоўна выступае за стварэнне бяспечнага, інклюзіўнага і паважлівага працоўнага асяроддзя для ўсіх людзей — незалежна ад полу, сферы іх дзейнасці, статусу або становішчу ў грамадстве.
Мы выказваем глыбокую занепакоенасць у сувязі з публічнай інфармацыяй адносна паводзінаў Андрэя Стрыжака, лідара ініцыятывы BySol. Мы заяўляем адназначна і без двусэнсоўнасці: гэтыя дзеянні нельга апраўдваць або інтэрпрэтаваць скажона — яны недапушчальныя і супярэчаць базавым этычным нормам.
Такiя паводзіны цалкам не адпавядаюць тым каштоўнасцям, якіх мы прытрымліваемся як грамадзянская і гуманітарная арганізацыя. Сітуацыя падрывае давер да самой сутнасці працы арганізацый, што займаюцца дапамогай людзям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставiнах.
Мы перакананыя: кожная жанчына мае права працаваць у прасторы, свабоднай ад любых формаў пераследу ці дамаганняў, дзе яна не адчувае страху, ціску, прыніжэння, дыскамфорту ці пагрозы. Тое ж самае тычыцца і кожнага члена нашай супольнасці. Чалавечая годнасць, бяспека і павага — гэта не пытанне выбару, а безумоўны стандарт.
Такім паводзінам няма месца ні ў BySol, ні ў любой іншай арганізацыі, ні ў шырокай дэмакратычнай беларускай супольнасці. Мы застаёмся арганізацыяй, адданай стварэнню прасторы, дзе усе людзі адчуваюць сябе пачутымі і абароненымі. Мы будзем прыкладаць усе неабходныя намаганні для абароны гэтых прынцыпаў.
Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця»