Збор на вопратку для былых палітвязняў

Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця» адкрывае мэтавы збор на набыццё падарункавых сертыфікатаў для людзей, якія выйшлі з беларускіх турмаў па палітычных матывах.
Апублікавана на
2026-03-19

Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця» адкрывае тэрміновы мэтавы збор на набыццё сертыфікатаў на вопратку, каб падтрымаць людзей пасля вызвалення і дапамагчы ім набыць неабходныя рэчы.

Новую групу былых палітычных зняволеных дэпартавалі з Беларусі без рэчаў і дакументаў. Кожнаму з нас немагчыма ўявіць сябе на іхнім месцы. Але мы мусім гэта зрабіць.

Навошта гэты збор?

Людзі трапілі пад рэпрэсіі і жорсткае абыходжанне. Часам яны трапляюць да нас у турэмнай робе, часам у тым, у чым іх затрымлівалі. Вопратка бывае не па сезоне і не па памеры, таму ўзнікае патрэба ў базавым адзенні. Ці магчыма адчуць сябе вольным, калі ты ў бушлаце са слядамі адрэзанай жоўтай біркі?

Як мы арганізуем дапамогу?

Плануем набыць сертыфікаты ў гандлёвыя цэнтры наміналам 150 € на чалавека. Гэта дазваляе кожнаму самастойна падабраць вопратку з улікам памеру, патрэб і ўласных жаданняў.

Чаму гэта важна?

Новая вопратка — найперш магчымасць адчуць сябе годна. Самастойны выбар у гэтай банальнай справе — крок да аднаўлення свайго "я" і вяртання да нармальнага жыцця.

Як дапамагчы?

✅ Зрабіце данат
📢 Распаўсюдзьце інфармацыю пра збор у сацыяльных сетках

Кожны ўнёсак мае значэнне. Вы вельмі патрэбныя кожнаму з іх.Дзякуй, што вы поруч!