«Адчуць цішыню без страху»: гісторыя Іллі Дубскага, які зноў вучыцца дыхаць вольна

Ілля Дубскі з Асіповічаў правёў пяць гадоў у няволі за каментары ў тэлеграм-каналах. Яго прымусілі выразаць татуіроўку «Пагоня». 11 верасня 2025 года ён трапіў у Літву і цяпер вучыцца жыць зноў у шэлтары фонду «Краіна для Жыцця».
Апублікавана на
2025-11-06

Мы працягваем знаёміць вас з жыхарамі нашага шелтара. Кожная такая гісторыя — поўная болю і роспачы, але разам з тым — веры і ўдзячнасці.

На гэты раз на нашы пытанні адказаў Ілля Дубскі, жыхар Асіповічаў. Ён прайшоў праз няволю і катаванні. Яго затрымалі 16 сакавіка 2021 года і пазней асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за каментары ў тэлеграм-каналах.

Падчас зняволення Ілля падвяргаўся псіхалагічнаму і фізічнаму ціску. Адміністрацыя калоніі прымусіла яго прыбраць татуіроўку з гербам «Пагоня» пад пагрозай «зніжэння статусу» і таго, што ён «ніколі не выйдзе на волю». Ілля быў вымушаны самастойна выразаць татуіроўку лязом, што пакінула вялікі шнар на руцэ.

11 верасня 2025 года Іллю прымусова вывезлі ў Літву разам з іншымі палітвязнямі. Цяпер ён у бяспецы, у шэлтары Дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця». Хлопец паступова вяртаецца да нармальнага жыцця.

— Што было першым, што ты адчуў, калі апынуўся на волі?

Першым было адчуванне цішыні — сапраўднай, без страху. Здавалася, нават паветра іншае. Прыйшло ўсведамленне, што можна дыхаць вольна, гаварыць без боязі. Гэтае адчуванне немагчыма перадаць словамі.

— Якая самая простая рэч прынесла табе радасць пасля вызвалення?

Цёплы душ і магчымасць самому вырашаць, што рабіць, куды ісці, калі спаць і есці. Простыя рэчы, што раней здаваліся звычайнымі, раптам сталі сапраўдным падарункам.

— Як ты трапіў ў шэлтар фонду? Што гэта для цябе значыць?

Мяне літаральна адразу забралі да сябе людзі з фонду «Краіна для Жыцця». Гэта тыя, хто падтрымліваў мяне падчас палону, не даваў страціць дух і веру ў дабрыню людзей.
Што гэта значыць для мяне? Я не адзін, і мне дапамагаюць. А гэта азначае, што мы ўсё яшчэ змагаемся!

— Якія рэчы або падтрымка аказаліся самымі важнымі ў першыя дні?

Найважнейшае — гэта людзі. Іх спакой, цярпенне, добрыя словы і клопат. Калі ў цябе вераць і не асуджаюць — гэта дае сілы вытрымаць усё астатняе.
Размаўляць з людзьмі, не пазбягаць святла. Вучуся зноў давяраць і радавацца дробязям — гэта самыя важныя крокі.
Час, падтрымка псіхолага і простыя штодзённыя рэчы — прагулкі, размовы, кнігі, паўнавартасны сон, — усё гэта вяртае адчуванне нармальнага жыцця.

— Ці ёсць нешта, што стала для цябе сімвалам свабоды?

Салідарнасць сапраўдных беларусаў — гатоўнасць падтрымліваць і дапамагаць тым, хто мае патрэбу. Нават нягледзячы на небяспеку для сябе. Вы неймаверныя!

— Што б ты хацеў сказаць тым, хто дапамагае фонду і падтрымлівае шелтар?

Дзякуй вам. Вы, можа, не заўсёды бачыце вынік сваёй дапамогі, але для такіх, як я, яна азначае жыццё.
Ваш удзел — гэта сапраўдная чалавечнасць. Магчыма, вы ратуеце кагосьці ад смерці, голаду і пакутаў. Не спыняйцеся! Гэта вельмі важна!

— Пра што ты думаеш, пра што марыш сёння?

Мару пра свет, дзе не трэба баяцца. Хачу вярнуцца ў СВАБОДНУЮ, ДЭМАКРАТЫЧНУЮ краіну, прыносіць карысць, жыць спакойна і вольна.

💛 Падтрымайце наш шэлтар

Ваша дапамога сапраўды змяняе жыццё!

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.