
Я сама жыву ў эміграцыі з дзіцём, і я заўважыла, што маёй дачцэ складана захоўваць беларускасць і знаходзіць новых сяброў. Я падумала, што з гэтым могуць сутыкацца не толькі дзеці з майго атачэння, але і іншыя. Гэта падмацавалася практыкай: як аказалася, да нас (у лагер, рэд.) прыязджалі дзеці, якія доўгі час не маглі ні з кім пасябраваць. І вось менавіта ў лагеры за гэты тыдзень яны знаходзілі сабе сяброў. Яны так класна сябравалі, што нават арганізоўвалі чацікі заезду!
Першы раз мы арганізавалі летнік на сродкі з 1,5% падаткаў праз ініцыятыву СВАЕ. Вось тады мы прайшлі гэты краш-тэст, і аказалася, что гэтая ідэя выклікае інтарэс. А другі раз — ужо праз дапамогу Дабрачыннага фонда «Краіна для Жыцця» на сродкі Міжнароднага гуманітарнага фонду.
.jpg)
Гэта незвычайныя дзеці. Калі дарослыя робяць выбар з'ехаць у эміграцыю і разумеюць усе наступствы, то дзяцей, вядома, ніхто не пытае, хочуць яны з'ехаць ці не. Для іх гэта таксама велізарны стрэс. Яны разрываюць свае сяброўскія і сямейныя сувязі і застаюцца сам-насам з новым жыццём. І знайсці да іх падыход, растапіць маленькія сэрцы, — гэта, вядома, сур'ёзны выклік.
Але мне пашчасціла з маёй камандай — гэта вельмі далікатныя людзі, якія з вялікай любоўю ставяцца да справы. Мы на свае вочы бачым, як прыязджаюць калючыя важаняты, а ад'язджаюць кацяняты са слязамі на вачах. Просяцца застацца альбо прыехаць яшчэ раз. Чуем нават: «Вазьміце нас на кухню дапамагаць, толькі дазвольце яшчэ раз у лагер!»
.jpg)
Белавежскую пушчу я не выпадкова выбрала для правядзення лагера. Гэта мясцовасць, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы. А сама пушча — гэта такі пункт яднання Беларусі і Польшчы, дзе мы, апынуўшыся на раздарожжы, можам знайсці свой дом, абапіраючыся на мясцовую супольнасць. Дзе людзі размаўляюць на мове, вельмі падобнай да беларускай, хоць і са сваім акцэнтам.
Адна з маіх найвялікшых каштоўнасцяў — гэта беларускамоўная каманда і вялікі культурніцкі складнік. У нашай праграме мы вывучаем традыцыі і культуру: да нас прыязджаюць «паўстанцы Каліноўскага», арганізуюць тэатралізаваныя шоу, мы распісваем торбы па матывах маляваных дываноў, знаёмімся з выцінанкай, саломапляценнем.
Яшчэ адзін вельмі істотны складнік — экалагічны. Для мяне вельмі важна перадаць дзецям асцярожнае і беражлівае стаўленне да наваколля.
Была іншая праграма, таму што зіма аказалася на дзіва сапраўднай — з моцнымі маразамі. Таму мы былі абмежаваныя ў колькасці часу, што маглі бавіць на прыродзе. Тым не менш, мы ляпілі іглу (традыцыйнае жытло эскімосаў у выглядзе купала са снегу і лёду), рабілі на вуліцы марозіва. Мы зладзілі вельмі летнюю забаву — запускалі паветраных змеяў. Нашыя класічныя паходы ў лес, вандроўкі па пушчы выглядаюць зусім інакш, бо, па-першае, сам зімовы лес вельмі прыгожы, а па-другое, можна ўбачыць сляды розных жывёл.
.jpg)
Для мяне самым складаным было разабрацца з польскім заканадаўствам і сабраць усе адпаведныя сертыфікаты і дакументы, скласці дамовы, — гэта быў той яшчэ выклік.
Вынік. А ты яго бачыш літаральна праз некалькі дзён, калі дзеці ўжо больш разняволеныя, калі яны пачынаюць гуляць, гарэзіць і дурэць. Калі яны жывуць сваё дзіцячае жыццё, хоць яны вельмі хутка пасталелі праз тое, што перажылі.
І калі пасля заезду ў чацік пачынаюць прылятаць водгукі — гэта напаўняе нашы сэрцы неімавернай радасцю, бо мы разумеем, што ўсё гэта не дарма.
Ці, напрыклад, кухня цёці Волі. Я думаю, што нам трэба будзе пісаць ва ўмовах прыняцця дзяцей: «Паважаныя бацькі, будзьце ўважлівыя і асцярожныя. Магчыма, пасля таго, як ваша дзіця пабудзе ў лагеры, вы будзеце канкурыраваць з нашай кухаркай».
Я разумела, што калі выпадзе не вярнуцца дадому, то, магчыма, я застануся ў пушчы. Мне настолькі падабаецца ладзіць лагер, быць там і знаёміць дзетак з пушчай, з наваколлем, што вяртацца ў «цывілізацыю» з часам усё складаней (усміхаецца).
Мяне асабіста кранае, калі дзеці пачынаюць нам давяраць і расказваюць свае гісторыі — звычайна тыя, хто старэйшы. Пра ператрус дома, як яны хаваліся, як беглі праз мяжу, як ім было страшна ісці ў новую школу без ведання мовы, пра адсутнасць сяброў у новай краіне.
Калі гэта адбылося са мной упершыню, я разгубілася, і адзінае, што магла, — проста слухаць. Цяпер я ўжо ведаю, як іх падтрымаць.
Яшчэ вельмі кранальны момант — калі на вакзале я аддаю дзяцей бацькам, і яны абдымаюць мяне (часта са слязамі на вачах).
.jpg)
Калі шчыра, беларускасць у эміграцыі нічым не адрозніваецца ад беларускасці ў русіфікаванай Беларусі. Тыя ж напрацаваныя схемы, як мы змагаліся за беларускасць дома, працуюць у любым пункце свету.
Не заўсёды зразумела дзеткам, чаму трэба вывучаць мову, чаму варта цікавіцца беларускай культурай. Але калі ты прапануеш ім пэўныя патэрны, калі яны бачаць, што гэта прыгожа і цікава, што гэта не толькі пра боль, страты і пакуты, а што гэта яшчэ і нагода для гонару, — тады гэта застаецца ў іх светлых галовах.
Цяжкая задача. Напэўна, беларускасць, экалогія, сяброўства.
Калі заканчваўся летні заезд, я развітвалася са сваёй камандай, нібыта на гэтым ужо ўсё, чароўная прыгода скончылася. І калі атрымалася знайсці фінансаванне праз Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця», гэта быў неімаверны падарунак і мне, і камандзе, і дзеткам, канечне.
Мая мара — каб я ніколі не думала пасля чарговага заезду, што ўсё, на гэтым канец.